Акцыя «У дапамогу вучням-абітурыентам школы-інтэрната № 5»
З 15 сакавіка па 15 красавіка на філалагічным факультэце прайшла
дабрачынная акцыя Савета маладых вучоных для дзяцей са школы-інтэрната №
5 г. Мінска, што на вуліцы Ангарскай, 38. Студэнты, супрацоўнікі і
выкладчыкі, даведаўшыся пра патрэбы выхаванцаў школы, сабралі вучэбныя
дапаможнікі па розных прадметах для старшакласнікаў, сшыткі, канцтавары,
прадметы першай неабходнасці (сродкі гігіены) і нават адзенне. Сярод
падарункаў былі і прыемныя дробязі – рушнікі, дзявочыя торбачкі.
Члены Савета таксама падрыхтавалі прэзентацыю пра філалагічны факультэт,
якую прадставілі ўвазе старшакласнікаў падчас наведвання школы-інтэрната
23 красавіка. Інфармацыя датычылася некалькіх аспектаў: у першую чаргу,
гісторыі і структуры факультэта, а таксама магчымасцей паступлення для
абітурыентаў (па кожным аддзяленні) ды працаўладкавання для выпускнікоў.
Маладыя вучоныя распавялі і пра творчае жыццё на факультэце:
разнастайныя акцыі, прэзентацыі, конкурсы, візіткі ды вечарыны.
Асаблівую цікавасць у старшакласнікаў выклікаў расповяд пра традыцыйны
злёт ў Вязынцы, што аб'ядноўвае як айчынных, так і замежных студэнтаў не
толькі філфака, але і ўсяго БДУ; а таксама расповяд пра дзейнасць
кабінета беларускай культуры, на базе якога адбываюцца майстар-класы і
выставы, прысвечаныя традыцыйным рамёствам, калядаванне і гуканне вясны
пры ўдзеле студэнцкага гурта «Багач».
У рамках акцыі маладыя вучоныя правялі конкурс сачыненняў і рэфератаў па
рускай літаратуры сярод вучняў 8–11 класаў, пераможцы якога былі
ўзнагароджаныя ганаровымі дыпломамі за подпісам дэкана філалагічнага
факультэта прафесара І. С. Роўды.
Дзякуй усім, хто прыняў удзел у акцыі.
Bene merenti bene profuerit. — Таму, хто сее дабро, адплацяць дабром.
Вольга Пракапчук, Анастасія Клімовіч, Ганна Шваба
Фота Ягора Прыстаўкі
|
|