Філалогія і Я
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага рашэннем ЮНЕСКА ў
1999 г., кафедрай сучаснай беларускай мовы ў лютым месяцы быў
арганізаваны на факультэце шэраг мерапрыемстваў. Несумненна, сярод самых
цікавых і чаканых – традыцыйная інтэлектуальна-забаўляльная гульня
«Філалогія і я», у якой узялі чынны ўдзел студэнты-першакурснікі
спецыяльнасцяў беларуская і славянская філалогія. Чатыры каманды
змагаліся ў конкурсах на веды і здольнасць да крэатыўнага мыслення за
галоўны прыз – падарожжа па Беларусі.
У першым блоку спаборніцтваў групы дэманстравалі веданне тонкасцяў
гукавога ладу беларускай мовы і ўстойлівых выразаў (прыказак, прымавак,
фразеалагізмаў). Далей жа студэнты сыпалі дасціпнымі жартамі падчас
вітальнага конкурсу ў стылі КВЗ, прадстаўлялі ўласнаруч напісаныя
міні-паэмы «Пра гукі мовы беларускай», а таксама выконвалі песні на
філалагічную тэматыку. Журы, якое складалася выключна з навучэнцаў
старэйшых курсаў філфака БДУ, вырашыла аддаць перамогу адразу дзвюм
камандам: першую прыступкук падзялілі 2-ая беларуская і славянская
групы.
Гульня «Філалогія і я» стварыла пазітыўны настрой і пакінула самыя
прыемныя эмоцыі. Студэнты, якія прымалі ўдзел у гульні, – на дзіва
крэатыўныя, творчыя і таленавітыя. Гэтага патрабавалі абсалютна розныя
конкурсы гульні – ад банальнага ўзнаўлення ведаў па фанетыцы і
фразеалогіі да праяўлення творчага мыслення і артыстычнасці. Студэнты
прадэманстравалі і першае, і другое на вельмі высокім узроўні, таму журы
давялося нялёгка пры выбары найлепшай каманды. Але такія «цяжкасці»
асабліва прыемныя, бо яны яшчэ раз пацвярджаюць, што «калі будучае мовы
ў руках такой творчай моладзі, то ёй нічога не пагражае», – падсумаваў
адзін з сябраў журы, студэнт трэцяга курса філалагічнага факультэта БДУ
Сяргей Самахвал.Студэнт 1 курса Раман Латушка
|
|