Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання». Совет молодых ученых филологического факультета Белорусского государственного университета

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў
«Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання»

 

26 сакавіка 2010 г. адбылася Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання», арганізаваная Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Правядзенне канферэнцыі з’явілася знакам адраджэння традыцыі навуковых сустрэч маладых аматараў філалагічнай думкі – аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў беларускіх ВНУ і НДІ: у 2001 і 2003 гг. на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта праводзіліся па ініцыятыве намесніка дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце кандыдата філалагічных навук дацэнта Сяргея Аляксандравіча Важніка навуковыя канферэнцыі «Маладыя вучоныя ў пошуку», і канферэнцыя 2010 г. стала сваеасаблівым іх пераемнікам.

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 120 навукоўцаў з розных гарадоў (Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Мінск, Полацк) і навучальна-даследчыцкіх устаноў нашай краіны (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка, Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны унівесітэт, Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна, Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А. Куляшова, Мазырскі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя І.П. Шамякіна, Полацкі дзяржаўны універсітэт).

Пераважную частку ўдзельнікаў склалі аспіранты і магістранты. Варта адзначыць удзел у канферэнцыі студэнтаў, у тым ліку малодшых курсаў, для якіх падрыхтоўка дакладаў і абмеркаванне іх на пасяджэннях секцый сталі першымі вопытамі навуковай камунікацыі.

На адкрыцці канферэнцыі з вітальным словам выступіў намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук дацэнт Павел Іванавіч Навойчык, які павіншаваў удзельнікаў, расказаў пра гісторыю ўтварэння і дзейнасць Савета маладых навукоўцаў філалагічнага факультэта, а таксама акрэсліў накірункі і перспектывы развіцця сучаснай беларускай навукі. На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі: доктар філалагічных навук прафесар Ірына Валер’еўна Казакова – «Беларуская культура на сучасным этапе»; кандыдат філалагічных навук дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік – «Базавыя мадэлі ветлівых зваротаў у эпісталаграфіі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя»; кандыдат філалагічных навук дацэнт Ульяна Юр’еўна Верына  – «Паэтычнае пакаленне «Дэбюта»: феномен адзінкава-множнага»; кандыдат філалагічных навук дацэнт Мікіта Віктаравіч Супрунчук – «Эўрыстычная ідэнтыфікацыя рода назоўнікаў у рускай мове». Усе даклады выклікалі жывую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі.

У межах канферэнцыі працавалі восем секцый: «Актуальныя аспекты граматыкі», «Актуальныя аспекты лексікалогіі», «Гісторыя моў і мовазнаўства», «Мова і соцыум», «Моўная карціна свету», «Гісторыя літаратуры», «Літаратура другой паловы ХХ – ХХІ стагоддзя», «Тэорыя літаратуры. Тэксталогія. Фалькларыстыка». Тэматыка лінгвістычных дакладаў адлюстравала цікавасць маладых аўтараў як да сацыяльнага, псіхалагічнага, культуралагічнага даследавання моўнай дзейнасці ў шырокім ахопу «прасторы і часу», так і да вывучэння шэрагу тэарэтычных пытанняў мовазнаўства. Літаратуразнаўцы, як сведчыць праблематыка дакладаў, актыўна звяртаюцца да распрацоўкі праблем паэтыкі мастацкага твора, прапаноўваюць сучасныя інтэрпрэтацыі класічных твораў, спрабуюць асэнсаваць сусветны літаратурны працэс пачатку XXI стагоддзя. Прыемна, што даклады, прысвечаныя вывучэнню нашай роднай літаратуры, склалі амаль палову з усіх заяўленых літаратуразнаўчых работ.

Старшыні секцый адзначылі праблемны характар дакладаў, добрае валоданне аўтарамі метадамі сучасных філалагічных даследаванняў, высокі ўзровень дыскусій.

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» выявіла багаты патэнцыял беларускай навукі. Канферэнцыя, безумоўна, пасадзейнічала інтэграцыі даследчыцкага асяроддзя Беларусі і заахвочванню маладых філолагаў да прафесійнай навуковай дзейнасці.

Па выніках канферэнцыі падрыхтаваны зборнік навуковых артыкулаў.

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў

 

Адрас: вул. Маркса, 31,  г. Мінск, Беларусь, 220030. Тэлефон:  (+375-17) 332-35-82. E-mail:  smu-bgu(а)yandex.ru


Рейтинг сайтов Rating All.BY Каталог TUT.BY

© Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, .
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта гіперспасылка на сайт абавазковая!
Web-master: Кір Тананушка (tananushka(a)mail.ru)

Абноўлена 07.10.2015