Мерапрыемствы з удзелам студэнтаў
Філалогія і Я
З
нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага рашэннем ЮНЕСКА ў 1999
г., кафедрай сучаснай беларускай мовы ў лютым месяцы быў арганізаваны на
факультэце шэраг мерапрыемстваў. Несумненна, сярод самых цікавых і
чаканых – традыцыйная інтэлектуальна-забаўляльная гульня «Філалогія і
я», у якой узялі чынны ўдзел студэнты-першакурснікі спецыяльнасцяў
беларуская і славянская філалогія. Чатыры каманды змагаліся ў конкурсах
на веды і здольнасць да крэатыўнага мыслення за галоўны прыз – падарожжа
па Беларусі.
У першым блоку спаборніцтваў групы дэманстравалі веданне тонкасцяў
гукавога ладу беларускай мовы і ўстойлівых выразаў (прыказак, прымавак,
фразеалагізмаў). Далей жа студэнты сыпалі дасціпнымі жартамі падчас
вітальнага конкурсу ў стылі КВЗ, прадстаўлялі ўласнаруч напісаныя
міні-паэмы «Пра гукі мовы беларускай», а таксама выконвалі песні на
філалагічную тэматыку. Журы, якое складалася выключна з навучэнцаў
старэйшых курсаў філфака БДУ, вырашыла аддаць перамогу адразу дзвюм
камандам: першую прыступкук падзялілі 2-ая беларуская і славянская
групы.
Гульня «Філалогія і я» стварыла пазітыўны настрой і пакінула самыя
прыемныя эмоцыі. Студэнты, якія прымалі ўдзел у гульні, – на дзіва
крэатыўныя, творчыя і таленавітыя. Гэтага патрабавалі абсалютна розныя
конкурсы гульні – ад банальнага ўзнаўлення ведаў па фанетыцы і
фразеалогіі да праяўлення творчага мыслення і артыстычнасці. Студэнты
прадэманстравалі і першае, і другое на вельмі высокім узроўні, таму журы
давялося нялёгка пры выбары найлепшай каманды. Але такія «цяжкасці»
асабліва прыемныя, бо яны яшчэ раз пацвярджаюць, што «калі будучае мовы
ў руках такой творчай моладзі, то ёй нічога не пагражае», – падсумаваў
адзін з сябраў журы, студэнт трэцяга курса філалагічнага факультэта БДУ
Сяргей Самахвал.
Студэнт 1 курса Раман Латушка
Фота можна паглядзець
тут.
|
|