Сацыяльныя акцыі. Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Социальные акции. Совет молодых ученых филологического факультета Белорусского государственного университета

Сацыяльныя акцыі

 

Акцыя «У дапамогу вучням-абітурыентам школы-інтэрната № 5»

Акцыя «У дапамогу вучням-абітурыентам школы-інтэрната № 5»З 15 сакавіка па 15 красавіка на філалагічным факультэце прайшла дабрачынная акцыя Савета маладых вучоных для дзяцей са школы-інтэрната № 5 г. Мінска, што на вуліцы Ангарскай, 38. Студэнты, супрацоўнікі і выкладчыкі, даведаўшыся пра патрэбы выхаванцаў школы, сабралі вучэбныя дапаможнікі па розных прадметах для старшакласнікаў, сшыткі, канцтавары, прадметы першай неабходнасці (сродкі гігіены) і нават адзенне. Сярод падарункаў былі і прыемныя дробязі – рушнікі, дзявочыя торбачкі.

Члены Савета таксама падрыхтавалі прэзентацыю пра філалагічны факультэт, якую прадставілі ўвазе старшакласнікаў падчас наведвання школы-інтэрната 23 красавіка. Інфармацыя датычылася некалькіх аспектаў: у першую чаргу, гісторыі і структуры факультэта, а таксама магчымасцей паступлення для абітурыентаў (па кожным аддзяленні) ды працаўладкавання для выпускнікоў. Маладыя вучоныя распавялі і пра творчае жыццё на факультэце: разнастайныя акцыі, прэзентацыі, конкурсы, візіткі ды вечарыны. Асаблівую цікавасць у старшакласнікаў выклікаў расповяд пра традыцыйны злёт ў Вязынцы, што аб'ядноўвае як айчынных, так і замежных студэнтаў не толькі філфака, але і ўсяго БДУ; а таксама расповяд пра дзейнасць кабінета беларускай культуры, на базе якога адбываюцца майстар-класы і выставы, прысвечаныя традыцыйным рамёствам, калядаванне і гуканне вясны пры ўдзеле студэнцкага гурта «Багач».

У рамках акцыі маладыя вучоныя правялі конкурс сачыненняў і рэфератаў па рускай літаратуры сярод вучняў 8–11 класаў, пераможцы якога былі ўзнагароджаныя ганаровымі дыпломамі за подпісам дэкана філалагічнага факультэта прафесара І. С. Роўды.

Дзякуй усім, хто прыняў удзел у акцыі.
Bene merenti bene profuerit. — Таму, хто сее дабро, адплацяць дабром.

Вольга Пракапчук, Анастасія Клімовіч, Ганна Шваба

Фота Ягора Прыстаўкі можна паглядзець тут.

Сустрэча з Рафаэлем Галусам

Рафаэль ГалусЧлен Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта БДУ, адказная за працу са школьнікамі Анжаліка Садоўская разам са сваёй калегай, дацэнтам БДЭУ Ганнай Шафаловіч арганізавала 17 чэрвеня 2009 года сустрэчу выхаванцаў (пераважна гэта дзеці супрацоўнікаў БДУ) і супрацоўнікаў спартыўна-аздараўленчага комплексу БДУ «Брыганціна» з прэзідэнтам і адказным па міжнародных сувязях італьянскага нацыянальнага спартыўнага таварыства «Libertas», членам калегіі НАК Італіі па органах спартыўнай юстыцыі, старшынёй дысцыплінарнай камісіі спартыўнай юстыцыі пры федэрацыі веласпорта Італіі, у мінулым губернатарам правінцыі Кальяры (аўтаномны рэгіён Сардзінія) адвакатам Рафаэлем Галусам.

Адвакат Рафаэле Галус прыняў удзел ва ўрачыстым закрыцці комплексу спартыўных спаборніцтваў сярод дзяцей, якія адпачывалі ў «Брыганціне» ў першую змену і цырымоніі ўзнагароджання прызёраў і ўдзельнікаў «малых алімпійскіх гульняў», што праходзілі пад дэвізам «Алімпійскія надзеі Беларусі». Прэзідэнт італьянскага таварыства з задавальненнем перадаў дзецям прызы і медалі ад «Libertas», а адміністрацыі САК «Брыганціна» быў уручаны адмысловы кубак за прапаганду здаровага ладу жыцця і папулярызацыю спорту сярод моладзі. Дзеці ў сваю чаргу гасцінна сустрэлі высокага госця канцэртам мастацкай самадзейнасці.

У сваёй прамове Рафаэле Галус высока ацаніў працу, скіраваную ў «Брыганціне» на спартыўна-мастацкае, асобаснае развіццё дзяцей і фарміраванне ў іх агульначалавечых духоўных каштоўнасцей. Завяршыў сустрэчу вясёлы карагод, у які маленькія ўдзельнікі мерапрыемства запрасілі ўсіх прысутных. Факт дадзенай сустрэчы знайшоў адлюстраванне ў газеце БДУ «Універсітэт» (29 чэрвеня 2009 года, №12, с.5), рэспубліканскай газеце «Минский курьер» (30 чэрвеня 2009 года, №114, с.9), а таксама ў рэгіянальных СМІ на Радзіме адваката.

Анжаліка Садоўская мяркуе, што падобныя акцыі пры ўзаемнай зацікаўленасці могуць стаць традыцыйнымі.

Фота можна паглядзець тут.

 

Адрас: вул. Маркса, 31,  г. Мінск, Беларусь, 220030. Тэлефон:  (+375-17) 332-35-82. E-mail:  smu-bgu(а)yandex.ru


Рейтинг сайтов Rating All.BY Каталог TUT.BY

© Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, .
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта гіперспасылка на сайт абавазковая!
Web-master: Кір Тананушка (tananushka(a)mail.ru)

Абноўлена 07.10.2015