Круглы стол «Беларуская мова і грамадства». Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Круглы стол «Беларуская мова і грамадства»

 

Круглы стол «Беларуская мова і грамадства»

20 лютага 2015 г. Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта правёў круглы стол «Беларуская мова і грамадства», прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Арганізатары імкнуліся зрабіць мерапрыемства максімальна нефармальным, нягледзячы на высокіх гасцей, і інфарматыўным, нягледзячы на ўрачыстасць і прымеркаванасць да святочнай даты.

Мэтай правядзення круглага стала быў абмен досведам у папулярызацыі беларускай мовы ў нашым пераважна рускамоўным грамадстве. Таму ўдзельнікі не абмяркоўвалі ўсім вядомыя пытанні афіцыйнага і неафіцыйнага стану беларускай мовы сёння і не заклікалі адзін аднаго: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел людзі, якія актыўна займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. Якім чынам і дзе даросламу зручна вывучаць мову? Якія літаратурныя праекты ажыццяўляюцца ў Мінску? Па якіх сучасных дапаможніках і падручніках варта і цікава вучыцца? Пра ўсё гэта даведаліся ўдзельнікі пасяджэння.

Мадэратарам круглага стала была аспірантка кафедры беларускай літаратуры і культуры Ірына Часнок.

Мерапрыемства адкрыў намеснік дэкана філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Павел Іванавіч Навойчык, які ўзгадаў тыповую сітуацыю: калі ты звяртаешся па-беларуску, то цябе пытаюць: ці ты настаўнік? ці пісьменнік? ці палітык? – і ўсё, больш варыянтаў няма. Намеснік дэкана выказаў упэўненасць у магчымасці разбурэння гэтага стэрэатыпа.

Старшыня Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта Вольга Зуева ў вітальным слове падкрэсліла значнасць для Савета падтрымання кантактаў з людзьмі, якія не працуюць у навучальных установах і для якіх клопат пра развіццё беларускай і менавіта беларускамоўнай культурнай прасторы – гэта справа кожнага дня.

Першай на круглым стале адбылася прэзентацыя вучэбна-метадычнага дапаможніка «Слова – тэкст – камунікацыя» (Мінск, 2014). Кнігу прадставілі аўтары: дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ганна Іванаўна Басава, доктар філалагічных навук прафесар Людміла Дзмітрыеўна Сінькова, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта кандыдат філалагічных навук Вольга Уладзіміраўна Барысенка. Дапаможнік з электронным дадаткам, багаты на лінгвакультуралагічны і моўны матэрыял, будзе, безумоўна, карысны не толькі для замежнікаў, якія вывучаюць беларускую мову, але і для рускамоўных беларусаў, беларусаў-білінгваў. Аўтары адзначылі станоўчы вопыт калег і ўзгадалі вядомы дапаможнік для замежнікаў «Беларуская мова? З задавальненнем!» дацэнта філалагічнага факультэта Таццяны Расціславаўны Рамза (Мінск, 2010).

Таццяна Мікалаеўна Сівец – журналістка, паэтка, перакладчыца, пісьменніца-казачніца, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», вядучая праграмы Дыя@блог. Пра літаратуру – у сваім выступе падзялілася сакрэтамі працы над праектамі і расказала пра кур’ёзныя выпадкі неразумення беларускіх слоў, з якімі яна сустракалася ў размовах.

Загадчыца Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталля Аляксандраўна Мізон выступіла з дакладам пра культурныя праекты і сацыяльныя акцыі, якія ладзяцца ў музеі. Н. А. Мізон адзначыла, што ў наш час музей найчасцей вымушаны арыентавацца на незнаёмага з творчасцю аўтара чалавека, умець зацікавіць і прымусіць адгарнуць кнігу пасля наведвання музея.

Гасцямі мерапрыемства былі супрацоўнікі Цэнтра славянскіх моў і культур Сяргей Самахвал і Ірына Зімнева, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Тома Сарачынская і рэдактар аддзела сацыяльных праектаў часопіса «Бярозка» Кацярына Захарэвіч.

Сустрэча адбылася змястоўная і цікавая. Безумоўна, не толькі падчас святочных дзён мы помнім, што немагчыма займацца гуманітарнай навукай, знаходзячыся па-за агульным культурным кантэкстам сваёй краіны, сродкам фарміравання якога з’яўляецца ў першую чаргу мова.

 

 

 

Адрас: вул. Маркса, 31,  г. Мінск, Беларусь, 220030. Тэлефон:  (+375-17) 332-35-82. E-mail:  smu-bgu(а)yandex.ru


Рейтинг сайтов Rating All.BY Каталог TUT.BY

© Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, .
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта гіперспасылка на сайт абавазковая!
Web-master: Кір Тананушка (tananushka(a)mail.ru)

Абноўлена 07.10.2015