III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання». Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў
«Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання»
(27 сакавіка 2015 г., Мінск)

 

III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» (27 сакавіка 2015 г., Мінск)

27 сакавіка 2015 г. адбылася III Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання», арганізаваная Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

На адкрыцці канферэнцыі з віншавальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук дацэнт Павел Іванавіч Навойчык, які падкрэсліў выключную ролю моладзі ў развіцці навукі, адзначыў, што фармат сустрэчы дазваляе маладым даследчыкам не проста паспрабаваць свае сілы, але і сказаць новае слова ў навуцы, а таксама натхніў удзельнікаў, ахарактарызаваўшы філалогію як «падмурак існавання чалавецтва».

Старшыня Савета маладых вучоных філалагічнага факультэта кандыдат філалагічных навук Вольга Уладзіміраўна Зуева заклікала калег не расчароўвацца ў навуковай дзейнасці, якая пакуль што саступае па ўзроўні заробкаў шматлікім іншым сферам, і ўзгадала высокую мэту трансляцыі культуры, магчымасць самарэалізацыі і самаразвіцця асобы ў навуцы.

На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі: аспірант кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч з дакладам «Элементы „свяшчэнных“ моў у творчай спадчыне Францыска Скарыны»; старшы выкладчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Ала Аляксандраўна Занкавец з дакладам «Гарадское прастамоўе як дынамічная сістэма»; магістрант кафедры прыкладной лінгвістыкі філалагічнага факультэта БДУ, малодшы навуковы супрацоўнік Лабараторыі сінтэзу і распазнавання маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юлія Станіславаўна Барадзіна і загадчык Лабараторыі сінтэзу і распазнавання маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат тэхнічных навук Юрась Станіслававіч Гецэвіч з дакладам «Апрацоўка колькасных выразаў з адзінкамі вымярэння: ад навукова-тэхнічнага тэксту да тэлеметрыі»; аспірант кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Таццяна Анатольеўна Светашова з дакладам «Гульня як фактар разняволення ў творчасці рускіх паэтаў-неаавангардыстаў». Пасля кожнага выступлення адбывалася дыскусія.

Даклады прадставілі больш за 70 удзельнікаў з розных адукацыйных і навучальна-даследчых устаноў нашай краіны: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Лабараторыі сінтэзу і распазнавання маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ДУА «Ліцэй № 1 г. Мінска», ДУА «Сярэдняя школа № 14 г. Пінска». Мерапрыемства выклікала цікавасць і ў замежных калег: у канферэнцыі прынялі завочны ўдзел прадстаўнікі Бірскага філіяла Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Бірск, Расія), Паўночнага (Арктычнага) федэральнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (Архангельск, Расія), Універсітэта Каменскага (Браціслава, Славакія), Чарнаморскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мікалаеў, Украіна), Шчэцынскага ўніверсітэта (Шчэцын, Польша).

У межах канферэнцыі працавалі дзесяць секцый: «Тэарэтычная і функцыянальная граматыка», «Пытанні сучаснай лексікалогіі і фразеалогіі», «Моўная карціна свету, сацыяльная лінгвістыка і лінгвакультуралогія», «Гісторыя моў і гісторыя мовазнаўства», «Узаемадзеянне моў і праблемы перакладу», «Мова і стыль мастацкай літаратуры», «Тэорыя літаратуры», «Гісторыя літаратуры», «Сучасны літаратурны працэс», «Методыка выкладання мовы і літаратуры». Тэматыка лінгвістычных дакладаў адлюстроўвае цікавасць маладых аўтараў пераважна да вывучэння суадносін мовы і нацыянальнай культуры, мовы і асобы, а таксама сацыяльна-псіхалагічных аспектаў моўнай дзейнасці. Літаратуразнаўцы звяртаюцца да пытанняў паэтыкі мастацкага твора, прапаноўваюць новыя інтэрпрэтацыі класікі, цікавяцца літаратурным працэсам сярэдзіны XX – пачатку XXI стагоддзяў.

Старшыні секцый адзначылі праблемны характар і навізну дакладаў, добрае валоданне аўтарамі метадамі філалагічных даследаванняў, высокі ўзровень дыскусій.

III Рэспубліканская канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» выявіла багаты патэнцыял нацыянальнай філалагічнай навукі. Безумоўна, канферэнцыя спрыяла развіццю навуковай думкі ў сучаснай Беларусі, заахвочванню маладых філолагаў да прафесійнай дзейнасці, інтэграцыі беларускага даследчыцкага асяроддзя.

Па выніках канферэнцыі рыхтуецца зборнік матэрыялаў.

 

 

Адрас: вул. Маркса, 31,  г. Мінск, Беларусь, 220030. Тэлефон:  (+375-17) 332-35-82. E-mail:  smu-bgu(а)yandex.ru


Рейтинг сайтов Rating All.BY Каталог TUT.BY

© Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, .
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта гіперспасылка на сайт абавазковая!
Web-master: Кір Тананушка (tananushka(a)mail.ru)

Абноўлена 07.10.2015